Ваенна-гістарычны музей імя Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонава

Кароткае, але яркае жыццё Канстанціна Сяргеевіча Заслонава служыла ўзорам не аднаму пакаленню савецкіх людзей. Для ўшанавання імя праслаўленага партызанскага камбрыга па рашэнні Савета Міністраў БССР № 230 у г. Оршы 1 жніўня 1948 года быў адкрыты Мемарыяльны музей Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонава.

Першапачаткова музей размяшчаўся ў левым крыле Дома культуры чыгуначнікаў імя С. М. Кірава.

20 красавіка 1952 года пад экспазіцыю музея перадалі будынак былога Дома піянераў чыгуначнага вузла па вуліцы Молакава, 9.

14 лістапада, у дзень 10-й гадавіны гібелі Заслонава, новая экспазіцыя была адкрыта для наведвальнікаў. У стварэнні гэтай экспазіцыі вялікую дапамогу аказаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У зборы матэрыялаў для музея ўдзельнічалі былыя партызаны-заслонаўцы, таварышы Заслонава па працы на транспарце, жыхары горада Оршы.

У 1976 годзе была перааформлена экспазіцыя музея. У яе стварэнні бралі ўдзел вядучыя мінскія мастакі В. М. Салаўёў, Р. С. Маліноўскі, В. М. Ярмонін.

У 1994 годзе ў гісторыі музея быў адкрыты новы раздзел: ён стаў філіялам установы культуры «Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны».

У 2016 годзе ўраганны вецер пашкодзіў будынак музея і было прынята рашэнне аб яго зносе.

З 2016 года па май 2022 года прадметы музея былі прадстаўлены на стацыянарнай выставе «Легендарны камбрыг К. С. Заслонаў», размешчанай у адной з залаў Музея гісторыі і культуры горада Оршы.

Кіраўніцтву горада і вобласці паступалі шматлікія звароты і просьбы ветэранаў працы Аршанскага чыгуначнага вузла і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны аб аднаўленні музея, у сувязі з чым у 2020 годзе было прынята рашэнне аб узвядзенні будынка на ранейшым месцы ў раёне чыгуначнага вакзала горада Оршы.

У чэрвені 2022 года скончылася ўзвядзенне будынка. У сувязі з павялічанай экспазіцыйнай плошчай пашырана тэматыка пастаяннай экспазіцыі музея. На падставе рашэння Аршанскага райвыканкама музей перайменаваны ў Ваенна-гістарычны музей імя Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонава.

18 жніўня 2022 года, у Год гістарычнай памяці, музей расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў.

Новы музей — гэта даніна памяці не толькі легендарнаму камбрыгу-партызану, новая экспазіцыя ахоплівае падзеі ўсяго перыяду Вялікай Айчыннай вайны на Аршаншчыне. «Заслонаўская» сюжэтная лінія арганічна ўплятаецца ў агульную ваенную і, у той жа час, з'яўляецца ў нейкай ступені самастойным участкам экспазіцыі.

Ідэйнае ўвасабленне экспазіцыі дазваляе ўявіць сілу патрыятызму, імкнення савецкіх людзей атрымаць перамогу над захопнікамі. Сярод драматычных момантаў: мяжа мірнага жыцця і першых гадзін уварвання ворага і захопу горада; устанаўленне акупацыйнага перыяду; Аршанскае гета; пакаранне смерцю аршанскіх падпольшчыкаў як сведчанне генацыду мірнага насельніцтва Беларусі; смяротнае раненне Канстанціна Заслонава.